Канцэрт Канцэрт арганнай музыкі ў выкананні Крысціяна Шміта

Крысціян Шміт 1 снежня 2015 года ў мінскім архікатэдральным касцёле імя Найсвяцейшай Панны Марыі адбудзецца канцэрт арганнай музыкі вядомага арганіста Бамбергскага сімфанічнага аркестра Крысціяна Шміта. Гэты канцэрт пройдзе ў межах  X Міжнароднага фестываля духоўнай музыкі ў гонар святой Цэцыліі. Праграма канцэрта складаецца з твораў Фэлікса Мендэльсона-Бартольдзі, Ёгана Себасцьяна Баха, Ёгана Пахельбеля, Арво Пярта, Аліўе Месіяна і Чарльза Фроста.
 
Крысціяна Шміта адносяць да найбольш значных арганістаў свайго пакалення. Шматлікія міжнародныя турнэ і выступы з вядучымі аркестрамі свету пераканаўча сведчаць аб гэтым. Шміт працуе з такімі музыкантамі, як Юліяна Банзэ, Сібіла Рубенс, Марцін Грубінгер, Вен Сінь Янг, Карнэліус Майстар, Райнхард Гёбэль, сэр Роджэр Норынгтан, Марэк Яноўскі і шматлікімі іншымі. Яго дыскаграфія складае больш за 35 сольных кампакт-дыскаў, а таксама шматлікія запісы для радыёвяшчальнай кампаніі ARD.
 
У 2013 годзе разам з Бамбергскім сімфанічным аркестрам К. Шміт запісаў арганныя сімфоніі Ш.М. Відора. Дыск атрымаў прэстыжную прэмію ECHO Klassik. Пасля гэтага поспеха супрацоўніцтва арганіста і Бамбергскага сімфанічнага аркестра працягнулася. У наступным сезоне музыкант правядзе ў Бамбергу серыю арганных канцэртаў, выканае партыю аргана ў Альпійскай сімфоніі Р. Штраўса, у месе Шуберта, прадставіць Канцэрт для аргана Ё. Гайдна і новы твор Ёрга Відмана.
 
К. Шміт атрымаў вядомасць і як педагог. Ён выкладаў у Штутгарцкай кансерваторыі, чытаў лекцыі ў Міжнароднай акадэміі Баха ў Штутгарце і кансерваторыі Саарбрукена. У якасці запрошанага прафесара супрацоўнічаў з навучальнымі ўстановамі Бостана, Крэмоны, Осла, Мехіка, Масквы, Сеула, Ташкента і Баготы. З 2011 года з'яўляецца экспертам па аргане Фонда Берлінскага філарманічнага аркестра. Уваходзіў у склад журы Нацыянальнага конкурса маладых музыкантаў «Jugend musiziert» у Германіі і фестываля-конкурса «Soli Deo Gloria» ў Маскве.

Афіша канцэрта  (PDF, 334 KB)
 

Назад