Перакладчыцкая майстэрня ViceVersa: Другая беларуска-нямецкая перакладчыцкая майстэрня

Перакладчыцкая майстэрня Запрашаем да ўдзелу ў перакладчыцкай майстэрні. Перакладчыкі літаратуры з нямецкай мовы на беларускую і з беларускай на нямецкую вынесуць на абмеркаванне свае працы і супольна разгледзяць перакладчыцкія стратэгіі і рашэнні канкрэтных праблем. Майстэрня дасць магчымасць асэнсаваць інтуітыўныя падыходы, развіць аналітычныя здольнасці, дасягнуць больш высокага ўзроўню прафесіяналізму ва ўласнай дзейнасці. Аднолькава вітаюцца як тэксты, што знаходзяцца ў працэсе падрыхтоўкі да выдання, так і праекты, што выконваюцца “на загад душы”, але яшчэ не маюць дагаворнай асновы. Спадзяемся, што інтэнсіўныя зносіны паміж перакладчыкамі не абмяжуюцца тыднем працы ў межах майстэрні і перарастуць у трывалыя працоўныя стасункі.
 
Кантактная асоба: Зорка Цыкламіны
 
Кіраўнікі майстэрні: Ірына Герасімовіч (Мінск) і Томас Вайлер (Маркклееберг)
 
Кола ўдзельнікаў: па пяць перакладчыкаў мастацкай літаратуры, навукова-папулярнай літаратуры, эсэ, драматургіі, паэзіі або літаратуры для дзяцей і юнацтва. У якасці выключэння магчымы ўдзел і перакладчыкаў-пачаткоўцаў у тым выпадку, калі яны ўжо інтэнсіўна займаліся літаратурным перакладам.
 
Выдаткі: выдаткі на ўдзел, пражыванне, харчаванне і праезд бяруць на сябе арганізатары.
 
Прыезд: панядзелак, 24кастрычніка, да 18.00
 
Ад’езд: панядзелак, 31кастрычніка
 
Удзел магчымы толькі пры ўмове прысутнасці на працягу ўсёй майстэрні.
 
Рэгістрацыя: Просім дасылаць свае заяўкі, складзеныя на нямецкай або на беларускай мове, па электроннай пошце да 15 чэрвеня 2016 г. Удзельнікі будуць адабраныя  да сярэдзіны жніўня.
Вынесеныя на абмеркаванне пераклады будуць загадзя разасланыя ўсім удзельнікам з просьбай падрыхтаваць іх крытычны разбор.
 
Неабходныя дакументы:
 
1. біяграфічныя і бібліяграфічныя звесткі пра ўласную асобу (максімум 1 старонка);
2. максімум 5 старонак перакладу, што мае быць абмеркаваны падчас майстэрні (двайны інтэрвал паміж радкамі, нумараваныя радкі, месца для заўваг з правага боку);
3. адпаведны ўрывак арыгінала (нумарацыя радкоў з левага боку);
4. звесткі пра аўтара і твор, а таксама асаблівыя цяжкасці пры перакладзе, на якія пажадана звярнуць увагу падчас абмеркавання (максімум 1 старонка).
 
Просім пазначыць на ўсіх дакументах уласнае імя і даслаць у фармаце Word або pdf на адрас: info@looren.net

Мерапрыемства ў межах праграмы ViceVersa Нямецкага фонду перакладчыкаў і Фонду імя Роберта Боша пры ласкавай падтрымцы Федэральнага міністэрства замежных спраў Германіі. Фінансавую падтрымку ажыццяўляюць Швейцарская мастацкая рада “Пра Гельвецыя” і Інстытут імя Гётэ ў Мінску.
 

Назад