Выстава Slavs and Tatars: Моваланд

Інсталяцыя і кілім-самалёт «Pray Way». Patrick McMullan © Kraupa-Tuskany Zeidler and the artist

22.02.-21.04.2019

Галерэя «Ў»

вул. Кастрычніцкая, 19
Мінск

Інсталяцыя і кілім-самалёт «Pray Way».

Адкрыццё выставы: 21 лютага 2019 г. у 19 гадзін

Выстава вядомага берлінскага арт-калектыву Slavs and Tatars задаецца пытаннямі культурнай і моўнай самабытнасці, рухомай ідэнтычнасці і слушнасці монакультурных мадэляў. З гумарам ды іроніяй, але грунтуючыся на даследаваннях Slavs and Tatars вывучаюць рытуалы, мовы і рэлігіі прасторы "паміж Берлінскім і Вялікім Кітайскім мурам".

Экспанаты для мінскай выставы адбіраліся і дапасоўваліся пры ўдзеле беларускіх мастакоў, што прынялі ўдзел у рэзідэнцыі Slavs and Tatars у Берліне ўвосень 2018 года пры падтрымцы Гётэ-інстытута.

Месцам сустрэч і баўлення часу на выставе стане інсталяцыя PrayWay, якая абыгрывае адначасова  традыцыйную раскладную падстаўку для чытання свяшчэнных тэкстаў у мусульманаў і тахту – распаўсюджаны тып мэблі для чайханы. Гукавая інсталяцыя "Лектар", пабудаваная на старажытным тэксце павучання будучых уладароў, адначасова нагадвае пра прыняты ў познім сацыялізме спосаб агучкі серыялаў – закадравы голас. Накладанне некалькіх моваў замінае слухаць, але ўздымае пытанне шматмоўя і аўтэнтычнасці.

Творчая практыка Slavs and Tatars уключае тры напрамкі: выставы, публікацыі і перфарматыўныя лекцыі. Работы мастацкага калектыву дэманстраваліся сярод іншага ў Музеі сучаснага мастацтва ў Нью-Ёрку, стамбульскім Музеі сучаснага мастацтва Salt, Венскім Сецэсіоне, цюрыхскай Кунстхале, дрэздэнскім Альбертынуме і цэнтры сучаснага мастацтва ў палацы Уяздоўскіх ў Варшаве. Апрача перакладу легендарнага азербайджанскага часопіса пач. ХХ ст. “Мала Насрэдзін” (выдавецтва I.B Tauris), Slavs and Tatars выдалі дзесяць альбомаў, апошні з якіх – Wripped Scripped (Hatje Cantz, 2018) – прысвечаны палітыцы алфавітаў і транскрыбіравання. На сённяшні момант мастацкі калектыў курыруе 33-ю Люблянскую біенале графічнага мастацтва, што адкрыецца ў чэрвені 2019 года.

Суправаджальная праграма да выставы запрашае наведвальнікаў да разнастайных мерапрыемстваў: дыскусій з вядучымі філосафамі і даследчыкамі, экскурсій па татарскіх мясцінах у Мінску, майстар-класаў па стварэнні саламяных павукоў ці ферментызацыі страў.

Сачыць за мерапрыемствамі суправаджальнай праграмы да выставы «Моваланд» Slavs and Tatars  можна на сайце Галерэі Ў, а таксама ў сацыяльных сетках.

Назад