Хуткі ўваход:

Перайсці наўпрост да кантэнту (Alt 1) Перайсці наўпрост да першага ўзроўню навігацыі (Alt 2)

Агнеш Гусар раіць
Медыцына без дактароў

Medizin ohne Ärzte. Ersetzt künstliche Intelligenz die menschliche Heilkunst? © Residenz Verlag, Salzburg–Wien, 2020 У часы пандэміі медыцына і штучны розум з'яўляюцца надзвычай актуальнай тэмай. Калі наведванне доктара ў паліклініцы спалучана з небяспекай заразіцца, то мы лепш будзем дома карыстацца камп'ютарнымі прылажэннямі. А калі мы звернемся да іх, то камп'ютарная праграма з дапамогай фотаздымка хворай часткі цела адразу паставіць дыягназ і прапануе медыкамент.
Але наколькі на самай справе магчыма карыстацца ў медыцыне штучным розумам для лячэння? Ці сапраўды ён можа нават замяняць саміх дактароў? Як доктар і адзін з уладальнікаў медыцынскага лічбавага партала „NetDoktor“ аўтар гэтай кнігі вельмі добра ведае, якія страхі і спадзяванні апаноўваюць пацыентаў перад абліччам "прыгожага новага свету" медыцынскага абслугоўвання. Справа тут ў наяўнасці імпануючай перспектывы, якая ўвесь час пашыраецца. Прывядзем адзін прыклад: калі чалавек хварэе на рэдкую хваробу, то пры выкарыстанні  традыцыйных спосабаў мала шанцаў хутка патрапіць на адпаведны метад лячэння, бо нават самыя дасведчаныя дактары не могуць ведаць хаця б невялікую частку многіх дзесяткаў тысяч хвароб. Разумныя ж сістэмы, якія працуюць з гіганцкімі банкамі дадзеных, здольныя ідэнтыфікаваць усе гэтыя хваробы. Іх асаблівая перавага -- незамацаванасць за канкрэтным месцам, і таму ў прынцыпе іх можна хоць сёння ўсталяваць у найменшым вясковым медпункце. Адтуль яны могуць састыкавацца з банкам дадзеных бліжэйшай бальніцы, і калі пацыенту спатрэбіцца неадкладная хірургічная дапамога, яго будуць чакаць у аперацыйнай урачы і малодшы медычны персанал, ужо падрыхтаваныя да яго.
Там, дзе раней урач арыентаваўся з дапамогай абмацвання, сёння карціна захворвання ствараецца ў выніку прымянення сучасных метадаў, якія за некалькі секунд, прытым без усякага болю ці іншых непрыемнасцей для пацыента, дазваляюць высвятліць, як функцыянуе той ці іншы яго орган. З дапамогай гэтых метадаў хваробу можна дыягназаваць раней, што павялічвае шанцы на яе лячэнне. У галіне дыягностыкі медыкі ўжо не могуць абысціся без дапамогі праграмных сістэм, якія ўсё  больш удасканальваюцца.
Ва ўсім свеце медыкі імкнуцца да прымянення тых магчымасцей тэрапіі, якія дакладна дапасаваны да індывідуальных патрэб канкрэтнага пацыента. Выкарыстанне метадаў лячэння, пры якіх патрабуецца ахапіць і кантраляваць тысячы фізіялагічных дадзеных і іх пастаяннае змяненне, таксама магчыма  толькі з прымяненнем камп'ютара. Смарт-гадзіннікі, якія сочаць за станам здароўя, невялічкія прыборы для вымярэння крывянога ціску ці ўзроўню цукру сталі ўжо часткай нашай паўсядзённасці. Дзякуючы развіццю робататэхнікі імплантуюцца штучныя органы, шмат больш працаздольныя, чым натуральныя. Можна па крывяноснаму руслу паслаць да мэты нанаробатаў, каб яны, дасягнуўшы яе, адрамантавалі хворыя клеткі.
Але як бы фантастычна ні развівалася медыцынская тэхніка, прыборы ніколі не дазволяць абысціся без прысутнасці чалавека. Бо доктар – гэта не толькі той, хто збірае інфармацыю пра стан здароўя і знаходзіць аптымальную тэрапію, ён яшчэ і чалавек, які разумее і падзяляе пачуцці пацыента, думае з ім, падбадзёрвае яго і таму сам з'яўляецца важным удзельнікам працэса лячэння. Штучны розум не можа замяніць чалавека, ён здольны толькі падтрымаць дзейнасць чалавека і зрабіць яе больш эфектыўнай.
Residenz Verlag

Christian Maté (Крысціян Матэ)
Medizin ohne Ärzte. Ersetzt künstliche Intelligenz die menschliche Heilkunst? (Медыцына без дактароў. Ці заменіць штучны розум чалавечае ўменне лячыць?)
Residenz Verlag, Salzburg–Wien, 2020 (Выдавецтва Residenz Verlag, Зальцбург—Вена, 2020 г.)
ISBN 978 3 7017 3502 0
172 старонкі

Электронную кнігу можна атрымаць на абумоўлены час праз анлайн-абанемент Onleihe Інстытута імя Гётэ

Рэцэнзіі ў нямецкіх СМІ:
Die Sachbuch-Bestenliste für Mai 2020
Von ZDF, Deutschlandfunk Kultur und DIE ZEIT