Кінапаказ Радзіма

Motherland © DOP Siarhiej Kanaplianik

Ндз, 24.03.2024

07:00 - 09:00

ACUD Kino

Рэжысура: Аляксандр Міхалковіч, Ганна Бадзяка

Рэжысура: Аляксандр Міхалковіч і Ганна Бадзяка, Нарвегія/Швецыя/Украіна, 2023, 92 хв.

З дапамогай асабістага і прафесійнага пункту гледжання рэжысёр Аляксандр Міхалковіч і рэжысёрка і журналістка Ганна Бадзяка падкрэсліваюць прычыны і наступствы шматгадовай «традыцыі» жорсткага цкавання, катаванняў і забойстваў як інструменту кантролю над беларускімі прызыўнікамі.

Калі юны Мікіта адпраўляецца на абавязковую вайсковую службу ў 2020 годзе, ён сутыкаецца з традыцыйнай для постсавецкай Беларусі і смяротна небяспечнай з'явай — дзедаўшчынай. Гвалтоўная практыка, якая, як лічыцца, мусіць «рабіць з хлопчыкаў мужчын», а насамрэч траўмуе многія пакаленні, глыбока пранікла ў культуру і ідэнтычнасць краіны.

Святлана жыве ў гэтай траўматычнай рэальнасці штодня: яе сына, ахвяру дзедаўшчыны, знайшлі павешаным на вайсковай базе два гады таму, і асобы яго забойцаў дагэтуль прыхоўваюцца. У краіне, дзе сыны – расходны матэрыял, а злачынствы сыходзяць з рук, маці становяцца сілай, якая нястомна намагаецца змяніць статус-кво.

Гісторыі Мікіты і Святланы таксама з'яўляюцца рамкай для паказу гнеўных вулічных пратэстаў супраць дзяржаўнага гвалту, карані якога – у той самай дзедаўшчыне, якой урад карыстаецца як інструментам страху для кантролю насельніцтва.

Бадзяка і Міхалковіч паказваюць неспакой сучаснай Беларусі праз непасрэдны досвед маці і навабранцаў, які пераплятаецца з жывымі галасамі іх папярэднікаў, узятымі з лістоў дадому.
 
  • Motherland Film still 1 © DOP Siarhiej Kanaplianik

  • Motherland Film still 2 © DOP Siarhiej Kanaplianik

  • Motherland Film still 5 © DOP Siarhiej Kanaplianik

  • Motherland Film still 4 © DOP Siarhiej Kanaplianik



Alexander Mihalkovich © DOP Siarhiej Kanaplianik Аляксандр Міхалковіч – беларуска-ўкраінскі рэжысёр і прадзюсар. Ён атрымаў ступень доктара навук ў галіне бібліятэчнай навукі і ступень магістра ў галіне рэжысуры фільмаў па міжнароднай вучэбнай праграме DocNomads. Яго ўвага як рэжысёра накіраваная на доўгатэрміновыя праекты, з якімі ён адчувае цесную асабістую сувязь. Ён стварае дакументальныя фільмы з эксперыментальнай і мастацкай асновай, эстэтычнай кінематаграфіяй і выразным творчым бачаннем. Пасля некалькіх кароткаметражных дакументальных і эксперыментальных фільмаў ён зняў свой першы мастацкі фільм «Мая бабуля з Марса». Пазней ён стаў сурэжысёрам і прадзюсерам доўгафарматнага дакументальнага фільма «Радзіма», прэм'ера якога адбылася на кінафестывалі CPH DOX 2023, дзе ён заваяваў галоўны прыз. Яшчэ ён атрымаў прэмію аўдыторыі на Кракаўскім кінафестывалі і прэмію Фіпрэссі на кінафестывалі goEast, а таксама быў намінаваны на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі. 

Hanna Badziaka © DOP Siarhiej Kanaplianik Ганна Бадзака – рэжысёрка з журналісцкім досведам. У 2010 годзе яна скончыла філалагічны факультэт у Беларускім дзяржаўным універсітэце са ступенню магістра. Яна пачала сваю кар 'еру відэажурналісткай незалежных інтэрнэт-СМІ, а пазней працавала для адзінага незалежнага тэлеканала ў Беларусі. Як журналістка яна засяроджвалася на сацыяльных і паўсядзённых тэмах. Атрымаўшы вялікі вопыт стварэння падрабязных відэарэпартажаў, яна зацікавілася дакументальным кіно. Пасля ўдзельнічала ў некалькіх дакументальных фільмах і працавала рэжысёркай і сцэнарысткай для тэлевізійных праектаў, якія канцэнтраваліся на кароткіх дакументальных фільмах. Фільм «Радзіма», над якім яна працавала як сурэжысёрка, – яе дакументальны дэбют.

Назад